ФЕАФА́Н ГРЭК (1330—50-я г., Візантыя — паміж 1405—15),
іканапісец, мініяцюрыст, майстар манум. размалёвак. Працаваў у Візантыі і Стараж. Русі. Размалёўваў цэрквы ў Канстанцінопалі, Галаце, Халкедоне, Кафе (Феадосія); на Русі — царкву Спаса на Ільіне ў Ноўгарадзе (1378), у Маскоўскім Крамлі царкву Нараджэння Маці Божай (1395, з Сімяонам Чорным), Архангельскі (1399) і Благавешчанскі (1405; з А.Рублёвым і Прохарам з Гарадца) саборы. Працаваў таксама ў Серпухаве, Ніжнім Ноўгарадзе, магчыма, у Каломне і Пераслаўлі-Залескім. Яму прыпісваюць абразы дэісуснага чына Благавешчанскага сабора ў Маскоўскім Крамлі: «Спас», «Маці Божая Данская», «Іаан Прадцеча» (пры ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам выкананы інш. абразы гэтага і святочнага чыноў). Адкрыў у Маскве майстэрню, якая стварала абразы і мініяцюры. Творчасць адметная драматычна-эмацыянальнай трактоўкай вобразаў, дынамічнай кампазіцыяй, стрыманым каларытам, пластычнасцю выяў, падкрэслена смелым і дакладным накладаннем светлавых блікаў.
Літ.:
Алпатов М.В. Феофан Грек. М., 1979;
Вздорнов Г.И. Феофан Грек: Творч. наследие. М., 1983.